Навучэнцы ліцэя ў Коханаве адгукаюцца на кожную прапанову свайго педагога-арганізатара

У гэтыя перадсвяточныя дні прыемнымі клопатамі жывуць навучэнцы Коханаўскага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Імі падзялілася педагог-арганізатар Святлана Генадзьеўна Петрашкевіч.

Яе спецыяльнасць — закончыла Віцебскі каледж культуры і мастацтваў, сем год рабіла непасрэдна ў данай сферы і другі год робіць у ліцэі — дазваляе займацца менавіта сваёй, любімай, справай.

— Я хутка, — гаворыць суразмоўніца, — знайшла агульную мову са сваімі выхаванцамі… Можа, таму, што ў нас прыкладна адзін і той жа ўзрост, ёсць блізкасць у поглядах на тое, што адбываецца вакол, пэўна, ёсць яна і ў нашых інтарэсах.

На кожны кліч свайго педагога навучэнцы тут жа адгукаюцца. Ёй цікава з імі — шчырымі, непасрэднымі, у асноўным выхадцамі з вёскі, юнакамі і дзяўчатамі, іх прыцягваюць у Святлане Генадзьеўне яе чалавечая абаяльнасць і творчы запал.

Жаданыя абодвум бакам супрацоўніцтва, сатворчасць прыносяць свой добры плён. Яны навучаюцца рыхтаваць сцэнарыі мерапрыемстваў, актыўна ў іх удзельнічаюць, на вачах змяняюцца іх кругагляд, культура паводзін, уменне трымацца на сцэне. Дарэчы, гэтая ўпэўненасць у сабе пераносіцца і ў класы, аўдыторыі.

— Прапаноўваю нешта я, — прадаўжае педагог-арганізатар, — прапаноўваюць і яны. Толькі ў дыялогу можа ісці развіццё, навучанне. Вось і гэтыя ўпрыгажэнні да свята — розныя выцінанкі, расфарбоўкі, аплікацыі — заслуга рабят. Яны пойдуць на афармленне хола ліцэя, будзем упрыгожваць ёлку.

Праводзім конкурс на лепшае афармленне вучэбных кабінетаў. Абарону сваіх творчых праектаў ліцэісты прадставяць у вобразах казачных, літаратурных і іншых герояў. З нецярпеннем цяпер чакаем усе разам гэтага адказнага, хвалюючага моманту.

Падрыхтоўка вымагае і нямалага часу, і напружання, але без гэтага, ва ўсёй сукупнасці спраў, не ўяўляецца, як можна інакш выхаваць спецыяліста, умелага работніка на зямлі, адукаванага чалавека…

Галоўнае, у чым перакананая педагог, што гэтае, да ўсяго, запатрабаванае навучэнцамі. Яны разумеюць неабходнасць для сябе ўдзелу ў розных вечарах, канцэртах, аглядах і г. д., напрацоўваюць пэўны артыстызм. Таму заўжды праследжваецца, як з месяца ў месяц расце ўзровень праводзімых мерапрыемстваў, змяняюцца густы ліцэістаў. Заўсёды без асаблівых праблем ёсць з чым ехаць на абласныя агляды-конкурсы сярод навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі.

Усё падрыхтаванае тут і да сустрэчы Новага года. З нецярпеннем чакаюць сваё любімае свята коханаўскія ліцэісты, усе 117 юнакоў і дзяўчат, якія ў сваёй большасці і стануць яго актыўнымі ўдзельнікамі.

Віктар БІРУКОЎ
Источник: http://www.natal.by